Уладзімір Садоўскі (yozas_gubka) wrote,
Уладзімір Садоўскі
yozas_gubka

Польская спадчына ў Маладзечна

Гэты артыкул па-руску на сайце molodechno.by: Польское наследие в Молодечно.

Многія кажуць, што ў Маладзечна мала даваеннай пабудовы. І гэта так, асабліва калі хадзіць па цэнтру горада. Але справа ў тым, што сучасны цэнтр з Цэнтральнай плошчай, тэхнікумам і паркам, гэта далёка не гістарычны цэнтр горада. Цэнтральная плошча з ускраінамі была забудаваная ўжо пасля вайны, калі Маладзечна мелася быць цэнтрам вобласці. Гістарычны ж цэнтр знаходзіўся там, дзе цяпер месціцца плошча Старое Месца. Там ёсць шмат захаваўшыхся даваенных будынкаў. Але я вам хачу расказаць пра іншае месца, пра раён, які рэдка карыстаецца ўвагай нешматлікіх турыстаў. Месца, поўнае прыкладамі даваеннай архітэктурнай спадчыны, і якое непасрэдна звязана з польскім перыядам існавання Маладзечна.

Як вядома, Маладзечна з 1922 па 1939 гады знаходзілася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай на землях Віленскага ваяводства. За гэты невялікі час Маладзечна атрымала статус горада і пашырыла свае межы за кошт далучаных вёсак і фальваркаў, такіх як Бухаўшчына і Геленова. Вось пра апошні раён я і хачу вам распавесці. Справа ў тым, што на тэрыторыі Геленова месцілася вайсковая частка 86 пяхотнага палка Войска Польскага. У 39-ым годзе полк быў разбіты, а частка расфарміраваная. За новай уладай вайсковыя пабудовы - якія складалі сапраўдны горад у горадзе - былі пераробленыя пад патрэбы цывільных устаноў, а помнікі польскай вайсковай славы - такія як Трыюмфальная арка ў гонар Пілсуцкага - разбураныя. Дарэчы, ў Маладзечна шмат хто ведае, што арка была, але мала хто ведае дзе яна знаходзілася. Пра гэта і шмат пра што яшчэ я раскажу і пакажу вам ніжэй.

Мапа месцазнаходжання польскіх вайсковых аб'ектаў і іншых цікавых пабудоў у раёне Геленова:


1. Афіцэрскія дамкі. Два чатырохпавярховых шматкватэрных дома, паабапал вуліцы Машэрава (былой Пілсуцкага). Знакамітая Трыюмфальная арка знаходзілася як раз паміж імі. Цяпер проста жылыя дамы.
2. Дом афіцэраў і сталоўка. Цяпер Мінскі абласны драматычны тэатр.
3. Штабны будынак палка. Цяпер уралагічнае і хірургічнае адзяленне першай гарадской бальніцы.
4. Драўляны даваенны дом (прызначэння ня ведаю). Цяпер бальнічная аптэка.
5. Жылы двухпавярховы дом. Такім і застаўся.
6. Генеральская сядзіба. Цяпер дом дзіцячай творчасці.
7. Вайсковы пляц. Цяпер гарадскі стадыён.
8. Казармы для шэрагоўцаў. Цяпер навучальны корпус тэхнікума.
9. Тут былі вайсковыя прыбіральні. Цяпер СШ №2.
10. Вадацяжная вежа. Пра яе раскажу нешта цікавае напрыканцы:)


1. Пачну з самага цікавага - з аркі. Трыюмфальная арка, як я ўжо казаў, была ўзведзена ў гонар вайсковых перамог Пілсуцкага. Яна была ўпрыгожана шматлікімі барэльефамі, статуямі рыцараў і ільвоў.

Усе гэтыя упрыгожванні пасля вайны былі знятыя і знішчаныя (толькі ільвы захаваліся і знаходзяцца недзе ў Турэц Баярах). А сама арка была разбураная напачатку 60-ых гадоў, так як яна замінала расшырэнню вуліцы Машэрава.
Цяпер пра месцазнаходжанне. На адным з пасляваенных фотаздымкаў справа бачна частка афіцэрскага дома, а за галоўным праёмам аркі - плот гарадскога парку (звярніце ўвагу на акенца над гэтым праёмам - як кажуць старажылы, праз гэтае акенца пад час святочных урачыстасцяў палкавы капелан свенціў вайсковыя шэрагі, што праходзілі праз арку).


Паводле гэтых прыкметаў можна лёгка вызначыць месца, дзе месцілася арка.
Вось яно - перасячэнне вуліц Машэрава і Чкалава (на месцы аднапавярховай крамы цяпер аўтобусны прыпынак).


А вось гэтае месца калі глядзець з прыпынку.


На абодзьвух здымках добра бачныя афіцэрскія дамы, на апошнім адзін ужо афарбаваны ў белы колер (з нагоды дажынак), арыгінальны ж колер у дамоў такі:


Як кажуць, жыхары дома, кватэры ў ім досыць вялікія, але кухні малыя. Справа ў тым, што ўся ежа для афіцэраў гатавалася ў сталоўцы, што была нездалёк, кухні ж у доме выкарыстоўваліся толькі для яе разагравання.  На тэхнічным паверсе, чацвёртым па ліку, раней былі пральні - па адной на пад'езд. Вымытую вопратку вывешвалі тут жа на даху. Цяпер у адной з такіх прален знаходзіцца майстэрня маладзечанскага мастака (ня ведаю якога).


На сценах дома захаваліся сляды ад снарадаў і куль.

А гэтак жа адмыслова ўмураваныя ў сцены трубкі для сцяжкоў.


2. Дом афіцэраў і сталоўка. Знаходзіліся побач з адным з афіцэрскіх дамоў.


Цяпер тут месціцца Мінскі абласны драматычны тэатр, які з нагоды дажынак таксама знаходзіцца на рэканструкцыі.


3. Трохі далей ад тэатру знаходзіцца будынак былога штабу. Звярніце ўвагу на арыгінальнае падоўжанае вакно на першым паверсе.


Цяпер тут уралагічнае, афтальмалагічнае і 2-ое хірургічнае адзяленні першай градской бальніцы. Унутры ўжо некалькі гадоў вядзецца пермаментны еўрарэмонт. Пакуль ён не зачапіў арыгінальныя батарэі польскай сістэмы ацяплення, пацыенты ўзімку могуць насалоджвацца цеплынёй не ўласцівай бальнічным палатам.


4. За будынкам штабу знаходзіцца цікавы драўляны будыначак. Нажаль, я ня ведаю ці адносіўся ён да
інфраструктуры вайковай часткі. Цяпер тут бальнічная аптэка.


5. Нездалёк месціцца тыповы жылы дом даваеннай забудовы. Яшчэ некалькі дамкоў такога тыпу раскідана па ўсяму Геленова.


6. Генеральская сядзіба была адсунута ад вайсковай мітусні на ўскраек фальварка. Заўважце, "катэдж" зроблены з таго ж гатунку цэглы, што і афіцэрскія дамы.


Ад перакрыжавання, дзе знаходзіцца сядзіба, пачынаецца вуліца Маўчанскага - абразчык ужо савецкай пасляваеннай забудовы. Брыдкі жоўты колер аптэка прыдбала дзякуючы ўсё тым жа дажынкам.


7. Былы вайсковы пляц без цяжкасці ператварыўся ў гарадскі стадыён. Яго атачаюць металічныя асвятляльныя вышкі, адныя з самых высокіх у Беларусі, што з'явіліся тут напрыканцы 90-ых, калі стадыён яшчэ спалучаў функцыі гарадскога рэчавага рынку. На заднем плане бачныя сталоўка/тэатр, басейн і штаб/уралогія.


8. Былыя вайсковыя казармы. У розныя часы тут месціліся навучальныя карпусы медвучылішча, тэхнікума і інтэрнат гандлёвага коледжу. Звярніце ўвагу на бетанаваны ўваход у бомбасховішча.


Увогуле па Геленова раскідана шмат бомбасховішч. Вось вентыляцыйны выхад аднаго з іх пасярод двара.


9. Як кажуць старажылы, новы будынак сярэдняй школы №2 быў узведзены на месцы былой вайсковай, а потым грамадскай прыбіральні, што месцілася блізу казарм. У двары школы яшчэ захавалася частка старых пабудоў і сховішчаў.


10. Старая вадацяжная вежа. Я ня ведаю даваеннай яна пабудовы ці не, але цікавы той факт, што на пачатку 90-ых гадоў памяшканні закінутай вежы былі аддадзены ў прыватныя рукі. Цяпер тут знаходзіцца майстэрня і жылыя памяшканні дызайнера Пятрова. А вы б хацелі жыць у вежы?


У дадатак. Па раёне Геленова раскідана шмат будынкаў нявызначанай гістарычнай прыналежнасці. Вось некалькі з іх.




Забудова вуліцы Маўчанскага, пра якую я ўжо ўзгадваў, з'яўляецца тыповым прыкладам "працоўнага паселішча", кшталту таго, што ёсць у Мінску ў раёне аўтамабільнага заводу.


Тутэйшыя дамы прызначаліся для працаўнікоў Маладзечанскай мэблявай фабрыкі, але цяпер вуліца запоўнена машынамі працоўных з другога прадпрыемства, а менавіта з Маладзечанскіх электрычных сетак, дзе працую і я.


UPD: А вось так выглядала гэтая вуліца напрыканцы 1960-х.


Пейзаж тыповых савецкіх двароў па Маўчанскага гарманічна дапаўняецца крывымі драўлянымі паветкамі.


На гэтай пастаральнай замалёўцы савецкага пад'езду я і хачу скончыць сваю экскурсію па маладзечанскім раёне Геленова.

Tags: Mołodeczno, helenowo, Геленово, Гелянова, Заходняя Беларусь, Маладзечна, Молодечно, архітэктура, гарнізон у Гелянова, краязнаўства, старыя фота, фота
Subscribe

Recent Posts from This Journal

Buy for 10 tokens
Buy promo for minimal price.
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 39 comments
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →

Recent Posts from This Journal