Уладзімір Садоўскі (yozas_gubka) wrote,
Уладзімір Садоўскі
yozas_gubka

Краязнаўства 2.0: аэрафотаздымкі

Краязнаўства гэта проста! Тым больш, што ў наш час, калі далучыцца да інтэрнэту можна амаль праз кожны прас ці цагліну, рабіць краязнаўчыя даследванні становіцца як ніколі лёгка.

У серыі пастоў "Краязнаўства 2.0" я пастараюся расказаць пра агульнадаступныя інтарнэт-рэсурсы і інтэрнэт-бібліятэкі, якія дапамогуць вам адкрыць невядомыя старонкі з гісторыі вашага горада ці вёскі. Безумоўна, я не прэтэндую на ўсеахопнасць і таму вітаю вашыя дапаўненні і заўвагі да матэрыялу ў каментарах.

Тэма першага паста: аэрафотаздымкі.


Падазраю, што для краязнаўцаў старой школы 1970-х, 1980-х гадоў зірнуць на аэрафатаздымкі ўласнага горада было нездзяйсняльнай задачай. Сакрэтныя сховішчы, асобы доступ, таямніца дзяржаўнага ўзроўню. Сёння ж доступ да такіх матэрыялаў мае любы жадаючы. За апошняе дзесяцігодзе ў інтэрнэце з'явілася мноства бібліятэк са зборам аэрафотаздымкаў часоў Другой сусветнай вайны, таксама пачалі з'яўляцца інтэрактыўныя мапы, якія дазваляюць параўноўваць здымкі і мапы розных перыядаў з сучаснымі касмічнымі здымкамі паверхні Зямлі. Пра некаторыя з гэтых інтэрнет-рэсурсаў я раскажу ў наступнай рубрыцы "рэсурсы".

Рэсурсы:

1. www.wwii-photos-maps.com - гэта, напэўна, адна з першых інтэрнэт-бібліятэк, дзе пачалі выкладацца сканы нямецкіх аэрафотаздымкаў часоў Другой сусветнай. Уладальнік сайта амерыканец Джон пастаянна абнаўляе базу здымкаў, як звычайных так і зробленых з самалётаў-разведчыкаў "люфтвафэ". Асаблівасцю сайта з'яўляецца тое, што ўсе аэрафотаздымкі на ім прыведзены ў арыгінальным выглядзе, такімі якімі яны захаваліся на фатаграфічных пласцінах, часам без звыклай нам арыентацыі поўнач-поўдзень, часам з зацемкамі зробленымі нямецкімі разведчыкамі аб месцапалажэнні зенітных батарэй, умацаванняў ці будынкаў вайсковага прызначэння. Яшчэ адной асаблівасцю сайта з'яўляецца яго жудасная навігацыя, каб знайсці на старонцы матэрыялы пра ўласны горад рэкамендую карыстацца ўбудаваным "гугл-пашукавіком" па нямецкай, англійскай ці нават польскай назве населенага пункта (напрыклад, шукайце Баранавічы па слову Baranowicze, Віцебск - па Vitebsk).

2. warfly.ru - расійскі рэсурс, які дазваляе параўнаць аэрафотаздымкі часоў Другой сусветнай з сучаснымі "гугл-мапамі". Інтэрфейс зразумелы і просты, ў базе шмат гарадоў Расіі, 9 гарадоў Украіны, чатыры гарады Беларусі (Брэст, Гомель, Гродна, Мінск) і трошкі здымкаў з прыбалтыкі і Польшчы. Сайт падабаецца мне прастатой і ненагружанасцю, як і папярэдні, ён зроблен энтузіастам таму часам непаладкі на сайце могуць выпраўляцца даволі доўга, прыкладам нядаўна ён паўгода вісеў з "адваліўшайся" мапай.

3. luftbild.by - аналагічная двухслойная мапа, толькі "заточаная" пад Беларусь. У базе не толькі абласныя цэнтры, але і простыя гарады: Асіповічы (нядаўна дадазеныя), Баранавічы, Бабруйск, Брэст, Ваўкавыск, Віцебск, Ганцавічы, Гарадзея, Гомель, Гродна, Давід-Гарадок, Жыткавічы, Івацэвічы, Мікашэвічы, Магілёў, Маладзечна, Мінск, Негарэлае, Наваградак, Орша, Рэчыца і Рагачоў. Стваральнік сайта Рамуальд Жабік паступова дапаўняе рэсурс новымі гарадамі Беларусі. Дарэчы, пры стварэнні слаёў выкарыстоўваюцца не толькі вядомыя аэрафотаздымкі з www.wwii-photos-maps.com, але і фотаматэрыялы лепшай якасці, выкупленыя аўтарам сайту з архіваў за ўласныя грошы. Вельмі моцны і карысны рэсурс!

4. orda.of.by/.map/ - інтэрактыўная шматслойная "рухомая" мапа з'яўляецца адным з дадатковых інструментаў знакамітага агульнабеларускага краязнаўчага сайта "Глобус Беларусі". "Рухомая" мапа дазваляе параўноўваць паміж сабой не толькі сучасныя касмічныя фотаздымкі ад розных рэсурсаў (google.sat, яндекс.спутник, bing.sat, nokia.sat), але і сучасныя здымкі са здымкамі часоў Другой сусветнай (зрэшты, выбар гарадоў тут невялікі), а таксама здымкі са старымі і сучаснымі мапамі Беларусі (у базе ёсць мапа генштаба 1980-х, савецкія і польскія міжваенныя мапы, 10-ці, 3-х, 1-вярстовыя мапы часоў Расійскай Імперыі і інш.). Таксама на сайце ёсць здымак Мінска з амерыканскага спадарожніка-шпіёна, зроблены ў 1964 годзе. Пабачыць сталіцу паўвекавой даўніны з космаса вы можаце па спасылцы тут.

У наступным раздзеле пад назвай "прыклады" я раскажу як можна выкарыстоўваць апісаныя рэсурсы ў краязнаўчых даследваннях. Аэрафотаздымкі нават самыя нядаўнія - з'яўляюцца сур'ёзным "дакументам" па гісторыі горада. З дапамогай аэрафотаздымкаў розных часоў можна прасачыць развіццё горада, пашырэнне ці звужэнне яго межаў, па здымках можна вызначыць месцапалажэнне страчаных архітэктурных аб'ектаў, падцвердзіць даваеннае паходжанне таго ці іншага будынка. Паркі, могілкі, рэчкі, дарогі, чыгуначныя шляхі, трасіроўка вуліц - таксама могуць быць прадметам краязнаўчага даследвання аэрафотаздымкаў.

Прыклады:

1. Рэкі-прывіды Маладзечна - мой пост і артыкул пра рэчкі і прытокі, што праходзілі праз сучасны цэнтр Маладзечна да вайны, а пасля былі схаваныя пад зямлю. Гэтае невялічкае даследванне дае тлумачэнне перыядычных патопаў, што здараюцца на цэнтральных вуліцах горада (так, не толькі на Нямізе патопы штогод). Дарэчы, натхніла мяне на той пост грунтоўная праца Аляксандра incopolis Лычаўка пра сляды былой рэчкі Нямігі ў Мінску - Где находятся Немиги кровавые берега?.


2. Зніклыя чыгуначныя лініі Маладзечна - аналагічнае даследванне, толькі пра зніклыя чыгуначныя лініі, што былі ў горадзе. Нямецкі аэрафотаздымак 1944 года дапамог дакладна абазначыць шлях рэзэрвовай чыгуначнай лініі канца вайны, што ішла праз цяперашнюю Цэнтральную плошчу і была разабраная у 1950-я.



3. Maładzečna LW1941-44/GM2006: Helanova - адно з першых маіх параўнальных даследванняў маладзечанскага раёна Гелянова, дзе да 1939 года знаходзіўся гарнізон Войска Польскага. Дзякуючы аэрафотаздымкам удалося абазначыць і апісаць усе будынкі былога гарнізона, што захаваліся да нашых дзён.


4. Школу пабудавалі немцы? - прыклад невялічкага даследвання аднаго будынка. Дзякуючы таму, што ў інтэрнэце ёсць аэрафотаздымкі Маладзечна 1941 і 1944 гадоў, высветлілася, што драўляны будынак, які належыў СШ №4, быў пабудаваны як раз у перыяд вайны. Зрэшты, на пытанне кім ён быў пабудаваны аэрафотаздымкі адказу не даюць, але затое даюць падставу шукаць інфармацыю ў іншых крыніцах.


5. 1871.by - грунтоўны краязнаўчы сайт прысвечаны Баранавічам. Прыклад таго як высакатэхналагічна і інтэрактыўна можна афармляць краязнаўчыя рэсурсы гарадоў. Сайт створаны тым жа чалавекам, што і рэсурс luftbild.by. На сайце ёсць інтэрактыўная мапа з аэрафотаздымкамі 1941 і 1942 гадоў, а таксама з міжваеннай польскай мапай 1930 года і царскай мапай 1892 года.


Дзякуй за ўвагу. Працяг будзе.
Tags: luftwaffe&googlemaps, краязнаўства
Subscribe

Buy for 10 tokens
Buy promo for minimal price.
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 35 comments