Уладзімір Садоўскі (yozas_gubka) wrote,
Уладзімір Садоўскі
yozas_gubka

Маладзечна. Раён Гелянова: забудова 1950-х

1. Першая хваля масавага тыповага будаўніцтва жылых дамоў пракацілася па СССР пасля вайны на пачатку 1950-х гадоў. Пэўныя спробы тыповага будаўніцтва ажыццяўляліся ў Савецкім Саюзе і да вайны, можна узгадаць тыя ж ДАСы - дамы афіцэрскага састава, аднолькавыя чатырохпавярховікі канца 1930-х можна пабачыць і ў Мінску, і ў Гомелі, і ў Віцебску. Але такое будаўніцтва не мела масавага характару, і жыллё тое прызначалася з большага толькі для ваенных. У 1950-я ж вялікі калектыў архітэктараў з розных саюзных рэспублік стварыў вялікі каталог тыповых праектаў будынкаў грамадскага прызначэння: ад аднапавярховых індывідуальных дамоў, да школ на 660 вучняў, паводле якога забудоўваліся цэлыя кварталы ў гарадах па ўсяму СССР. Напрыклад, у Мінску на слыху назвы жылых раёнаў, такіх як Асмолаўка, пасёлак трактарнага завода, аўтазавадскі пасёлак і інш., якія ўзніклі як раз ў 1950-я. Шмат раёнаў з тыповай забудовай з'явілася ў іншых гарадах Беларусі. Не абышла гэтая практыка і Маладзечна, дарэчы, абласны горад ў 1950-я (Маладзечанская вобласць праіснавала з 1944 па 1960 гады). Пра адзін такі раён Маладзечна, збудаваны ў пачатку 1950-х паміж былым міжваенным гарнізонам Гелянова і новым гарадскім цэнтрам, я вам і хачу расказаць:


2. У генеральным плане развіцця Маладзечна ад 1947-га года адзначаўся вялікі недахоп жылля ў межах горада. У плане прадугледжвалася новае будаўніцтва 2-х і 3-х павярховых жылых і грамадскіх будынкаў у цэнтральным раёне горада, на галоўных вуліцах Рэвалюцыйнай і Камуністычнай і ў гарадку Гелянова. Дарэчы, сам былы польскі ваенны гарадок у Гелянова ў вайну пацярпеў мала і вялікая частка міжваенных будынкаў у ім захавалася (пра іх я неаднаразова пісаў у блогу, напрыклад, тут і тут). Гелянова хоць і было ўключана ў склад горада яшчэ ў 1929 годзе, але да канца 1940-х паміж ім і цэнтрам Маладзечна знаходзіліся вялікія абшары незабудаванай тэрыторыі. На нямецкім аэрафотаздымку 1941 года бачныя засеяныя палі на поўнач ад Гелянова, на гэтых "пахатных землях" і паўстаў у пачатку 1950-х новы жылы раён, сканцэтраваны вакол новаўтворанай вуліцы (а па факту бульвара) імя Маркава. Дарэчы, дамы 1950-х гадоў на сучасным гугл-здымку лёгка пазнаць па яскравых чырвоных і сініх дахах - слядах дажынкаўскай рэканструкцыі горада:


3. Вуліца Маркава названая так ў гонар Героя Савецкага Саюза Маркава Фёдара Рыгоравіча, які ў гады вайны кіраваў партызанскім рухам на Маладзечыншчыне, а да вайны быў актыўным дзеячом КПЗБ. Прозвішча Маркаў даволі распаўсюжанае ў нашых краях, муж маёй цёткі (не ведаю, як гэта будзе адным словам), таксама Маркаў, а яго маці пэўны час жыла на вуліцы Маркава і з-за гэтага ў яе часта здараліся невялічкія непаразуменні са служачымі розных дзяржаўных устаноў: "Прозвішча? - Маркава. - Адрас? - Маркава. - Адрас ваш? - Ну, Маркава, дом такі-та, кватэра такая-та. - А-а-а."


4. Вуліца і бюст на старым фотаздымку. Можна параўнаць як выраслі дрэвы за дзесяцігодзі:


5. Вуліца Маркава, як я ўжо казаў, гэта бульвар з пешаходнай алеяй у цэнтры паміж двума праезднымі часткамі з аднабаковым рухам. Пачынаецца алея ад аркі парка перамогі, які быў закладзены ў красавіку 1946 года:


6. Арка на старым здымку. Бачна, што паміж калонамі былі раней усталяваны вароты, напэўна, парк зачыняўся на ноч, ці ўваход у парк быў платны (у шапіках па баках ад аркі мажліва размяшчаліся касы). Зараз прайсці праз парк можна без перашкодаў у любы час. У глыбіні парка за аркай можна пабачыць пабелены помнік з фігруай падобнай на Леніна, да нашага часу помнік не захаваўся. Ці ведае tam_erm што-небудзь пра яго?


7. Сучасны выгляд аркі. Дрэвы ў парку заўважна выраслі, на месцы Леніна паставілі помнік воінам-інтэрнацыяналістам, а за ім у глыбіні парка можна пабачыць шматпакутны помнік "Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі", які за апошнія пяць гадоў тры разы змяніў месца дыслакацыі і раскалоўся на две часткі:


8. Другі канец пешаходнай алеі на вул.Маркава ўпіраецца ў лялечны тэатр "Батлейка":


9. Архітэктурна гэта тыповы ДК 1950-х гадоў, якіх толькі ў Беларусі некалькі дзясяткаў (я пра гэта пісаў у пасце тут):


10. "Батлейка" у гэтым будынку з'явілася ў 1990 годзе, а да гэтага тут размяшчаўся дом культуры будаўнікоў. Уласна кажучы, уся забудова вуліцы Маркава і наваколляў узводзілася для працаўнікоў мясцовага будтрэста. ДК на старым здымку, на пярэднім плане аўтобус маркі ЗИС/ЗИЛ-155 (1949-1957):


11. Час перайсці ўласна да жылой забудовы раёна. На пачатку вуліцы Маркава (з боку парка) і уздоўж вуліцы Машэрава (ідзе перпендыкулярна бульвару) тыповыя дамы размешчаны сіметрычна і ўтвараюць пэўны ансамбль малапавярховай архітэктуры. Але чым далей ісці па Маркава да лялечнага тэатра, тым менш там дамоў 1950-х і больш украпленняў пазнейшай архітэктуры. Бачна, што будаўнікам па нейкіх прычынах не удалося да канца рэалізаваць архітэктурны ансамбль уздоўж усяго бульвара.


12. Насупраць паркавай аркі па цотнаму баку вуліцу пачынае вуглавы Г-падобны 16-цікватэрны дом серыі 1-211 тыпавы праект №1-211-3, архітэктар В.Л.Яснапольская. Дарэчы, вызначыць праект і серыю дамоў мне дапамог каталог тыповых праектаў, змешчаны ў суполцы su_maloetazhki, за што вялікі дзякуй яе стваральнікам:


13. Праект адметны эркернымі выступамі і лоджыяй на рагу. Усяго ў раёне Гелянова пабудавана тры такія дамы, пра астатнія гаворка пойдзе ніжэй. На сцяне ж гэтага дома яшчэ размяшчаецца мемарыяльная дошка ў гонар Ф.Р.Маркава:


14. Эркер з арыгінальным шкленнем. Драўляных вокнаў з 1950-х на фасадах дамоў у Гелянова амаль не захавалася, павальная мода на шклопакеты зрабіла сваю чорную справу:


15. Від з двара:


16. Сіметрычна адносна дома №2 на няцотным баку стаіць больш просты знешне дый яшчэ бязлітасна адтэрмашублены Г-падобны дом №1 па Машэрава. Серыя 1-222 праект №1-222-126, архітэктар Д.І.Бурдзін:


17. Далей па Машэрава зноў сіметрычна размешчаны два дамы серыі 1-202 праекта №1-202-1, архітэктар Д.М.Меерсон. Дом №3:


18. Дом №4:


19. Увогуле, гэты і некаторыя іншыя савецкія тыповыя праекты 1950-х мне нагадваюць тыповыя праекты дамоў, што мелі распаўсюд у міжваеннай Другой Рэчы Паспалітай ў 1920-я гады (параўнаце дом архітэктара Меерсона пачатку 1950-х з домам архітэктара Боемскага пачатку 1920-х, які пабудаваны у Вілейцы). Паралелі яшчэ больш мацнеюць, калі прыгадаць, што польскія архітэктары таксама любілі ствараць ансамблі малапярховай архітэктуры з тыповых праектаў: урадавыя калоніі ў Брэсце, у Нясвіжы, у Слоніме і інш. Выходзіць, што савецкія архітэктары ўзялі на ўзбраенне практыку польскіх калегаў 30-цігадовай даўніны.
На фота ганак дома №4 па вул.Машэрава, драўляны разны падстрэшак нібыта перакачаваў у праект з сялянскага дома:


20. Наступны дом №6 пабудаваны паводле больш простага праекта №1-201-2 серыі 1-201, архітэктар С.А.Масліх:


21. Аналагічны дом №5 па няцотным баку:


22. Затым уздоўж вул. Маркава ідуць адразу па два вялікіх 18-кватэрных дома серыі 1-255 з кожнага боку. Дом №8:


23. Дом №9. Так, гэта адзін з тых дамоў, пад'езды якога сталі героямі фоткі з майго папярэняга паста "Дзень адчыненых дзвярэй".


24. Вось той двор з іншага ракурса. Я насамрэч не ведаю, чаму ўсе пад'ездныя дзверы былі адчыненыя і ці часта тут такое здараецца:


25. У двары дома №9 абнаружыўся атмасферны восеньскі корч - ВАЗ-2103 (1972-1984):


26. Марсіянскія тэхналогіі заладжвання прабоін з дапамогай плёнкі і скотча добра паказваюць сябе і на Зямлі:)


27. Дарэчы, чым яшчэ цікавыя такія раёны забудовы 1950-х гадоў, як у Гелянова, дык гэта тым, што за прыгожымі вулічнымі фасадамі тыповых дамоў у глыбіні двароў хаваюцца часта жудасныя збудаванні з крывых дошак і бітай цэглы, якія выкарыстоўваюцца жыхарамі як кладоўкі. Сарайчык за карчом яшчэ не самы горшы прыклад гаспадарчай пабудовы:


28. У суседнім двары знаходзіцца такая сараіна:


29. А бывае і яшчэ горш:)


30. Але вярнуся на вул.Маркава. У сярэдзіне бульвар перасякае вуліца Ясінскага, дарэчы, гэта напэўна адзіная ў Беларусі вуліца, названая ў гонар аднаго з кіраўнікоў паўстання Тадэўша Касцюшкі генерала і паэта Якуба Ясінскага. На перакрыжаванні на цотным баку стаіць тыповы вуглавы дом серыі 1-255:


31. Насупраць яго былая кантора будтрэста, а цяпер маладзечанскі філіял Энэрганагляда і некалькіх іншых дзяржаўных устаноў. Будынак быў жэстачайшэ адкапіталены да дажынак:


32. За перакрыжаваннем Ясінскага і Маркава ў бок "Батлейкі" забудовы 1950-х гадоў амаль няма. Па няцотным баку сярод пазнейшых дамоў стаіць 18-цікватэрнік аналагічны дамам №7,8,9,10:


33. Сціплыя ляпныя "ізлішэства" праекта:


34. Вярнуся зноў да парка і вуліцы Машэрава, уздоўж якой сканцэнтраана астатняя частка забудовы 1950-х.


35. Від на дом з экрерамі з боку вуліцы Машэрава. На фота бачны бетоны куб вентыляцыі бомбасховішча:


36. Дамы уздоўж Машэрава стаяць у два шэрагі у шахматным парадку: аднія бліжэй да вуліцы, іншыя далей. Вось просты будынак другога шэрагу- дом №11а па Машэрава:


37. Дом №11 стаіць бліжэй да вуліцы.


38. Від з двара. Праект тыповы і часта дзе сустракаецца, але серыю я вызначыць не змог. Але зноў жа дом гэты, мне нагадаў тыповыя польскія двухпавярховікі, якія можна пабачыць у Стоўбцах і Баранавічах:


39. У двары дома стаіць сіняя "буханка" - УАЗ-452 (1965-нашыя дні):


40. Цікава, што задняя дверца у машыне заварана, а замест яе зафігачана вакно ад РАФіка (RAF-2203 Latvija):


41. Яшчэ адна варыяцыя дома з эркерамі серыі 1-211 праект №1-211-1:


42. З двара будынак выглядае вельмі проста:


43. За домам знаходзіцца акуратны сарайчык і грады:


44. Утульная лаўка ў двары, каб правесці вечарок з суседзямі:)


45. Будынак на мяжы з былым міжваенным гарнізонам гэта зноў жа вядомы вуглавы дом з эркерамі серыі 1-211. Від з двара:


46. За ім бачыцца масіўны сілуэт трохпавярховага афіцэрсакага дома 1930-х, пабудаванага для семьяў афіцэраў 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, які размяшчаўся ў Гелянова ў часы Другой Рэчы Паспалітай. Цікава, што польскі міжваенны будынак выглядае больш сучасным і маладзейшым за пасляваенныя савецкія тыповыя двухпавярховікі 1950-х. Некаторыя жыхары Маладзечна нават думаюць, што афіцэрскія дамы Гелянова пабудаваныя ў 1960-я ці пазней, але яны безумоўна памыляюцца, дом на фота старэйшы за дамы на вул. Маркава на два дзесяцігодзі:


47. Мярзотная афарбоўка, якой "узнагародзілі" дом 1930-х гадоў рэспубліканскія дажыкі коліць вочы.


48. Добра, што суседні аналагічны будынак не чапалі:


49. Дом з эркерамі таксама атрымаў падарункі на свяце працаўнікоў сяла і займеў модную тэрмашубу і сінюю металадахоўку:


50. Ад вуглавога дома з эркерамі і афіцэрскага дома пачынаецца ўжо ўзгаданая вышэй вуліца Ясінскага. Яна мае Г-падобную форму таму і перасякае абедве перпендыкулярныя паміж сабой вуліцы Маркава і Машэрава:


51. Пайду ў бок цэнтра горада па вуліцы Машэрава:


52. Участак ад вуліцы Маркава да вуліцы Вольнай карацейшы і тут паміж двума вуглавымі дамамі ўціснулі толькі адзін даўгі двухпавярховы будынак. Будынак падобны на дом серыі 1-221 праекта №1-221-137:


53. Вуглавы дом серыі 1-211 на рагу вуліц Машэрава і Вольнай, трэці з шэрагу дамоў гэтага тыпу ў Гелянова:


54. Насупраць яго тыповая школа 222 праекта, архітэктары Н.М. Вавіроўскі і А.П. Веліканаў. Раней у гэтым будынку размяшчалася маладзечанская сярэдняя школа №2, але ў 1970-я яна пераехала ў новы будынак на вул.Чкалава. Затым у будынку па Машэрава знаходзілася вячэрняя школа і дом дзіцячай творчасці. У пачатку 2000-х я хадзіў сюды на заняткі гуртку "Што? Дзе? Калі?":


55. Далей па вул. Вольнай знаходзіцца дом ужо знаёмага праекта №1-202-1.


56. Трохі далей размяшчаецца першы ў раёне Гелянова дзіцячы садок 1950-х гадоў, які таксама належыў будтрэсту. Праект пэўна ўжо канца 1950-х, зроблены пасля прыняцця загаду аб "ізлішэствах у архітэктуры":


57. Далей вуліца Вольная перасякаецца зноў жа з вуліцай Ясінскага. На маленькім участку Ясінскага ад Вольнай да Машэрава прытулілася два дамы з эркерамі серыі 1-211 праекта №1-211-1:


58. На гэтым хачу закончыць свой маленькі паход па раёну забудовы 1950-х гадоў у Гелянова. Гэта безумоўна не адзіны такі раён у Маладзечна, калі вам будзе цікава магу напісаць і пра іншыя.


59. Пішыце лісты каменты, падпісвайцеся на канал і стаўце лайкі:)
Tags: Mołodeczno, helenowo, Геленово, Гелянова, Заходняя Беларусь, Маладзечна, Молодечно, архітэктура, карчы (аўтарубрыка), краязнаўства, старыя фота, фота
Subscribe

Posts from This Journal “архітэктура” Tag

Buy for 10 tokens
Buy promo for minimal price.
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 49 comments
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →