Уладзімір Садоўскі (yozas_gubka) wrote,
Уладзімір Садоўскі
yozas_gubka

Гіганцкае возера каля Глыбокага на гістарычных мапах

Ёсць у мяне адна патаемная жарсць, люблю час ад часу пачытаць усялякія крыптагістарычныя "даследванні":) Ну вы ведаеце, гэта там дзе пішуць, што ўсё ў гісторыі насамрэч было не так, як у падручніках, што тыя падручнікі напісалі масоны ў васямнаццатым гаду, а афіцыйныя гісторыкі нам маняць. З апошняга такога чыткануў пра тэрмаядравую вайну ў XVIII стагодзі і пра дагістарычную індустрыяльную цывілізацыю, што вяла здабычу карысных выкапняў у цыклапічных маштабах па ўсёй Зямлі. Нічога сабе такое чытво, лепш за некаторыя НФ кніжкі:) Дарэчы, заўважыў, што гэтыя крыптагісторыкі часцяком любяць спасылацца ў сваіх "даследваннях" на старыя мапы, балазе, сканаў іх зараз у інцярнетах навалам. Я падумаў, чым я горш, і вырашыў замуціць уласнае крыптагістарычнае даследванне!

Усё пачалося з мапы ВКЛ і РП, зробленай італьянскім картографам Рыццы-Заноні ў 1772 годзе, незадоўга да першага падзела. Мапа цікавая тым, што на ёй на ўсход ад Глыбокага намаляванае вялікае Y-падобнае возера, якога на сучасных мапах у тых месцах няма. Згодна з Заноні, тое возера ўваходзіла ў вялікую сістэму азёраў разам з возерам Пліса, Псуя, Доўгае і інш. Па форме возера Y (буду далей яго так называць) нагадвала сучаснае Вілейскае вадасховішча, а па плошчы, напэна і перавышала яго. Пабачыўшы, гэтае загадкавае возера, я вырашыў прасачыць ягоны лёс на мапах з сярэднявечча і да нашых дзён. За арыентыр я ўзяў чатыры населеныя пункты - Глыбокае, Пліса, Псуя, Валкалата - якія сустракаюцца амаль на ўсіх мапах.


1579 год. Мапа Полацкага княства. Возера Y на мапе пакуль няма. Горад Глыбокае пазначаны, каля яго намалявана невялікае возера, подобнае на воз.Вялікая, што зараз знаходзіцца ў межах горада:


1586 год. На гэтай мапе назіраецца такая ж карціна:


1595 год. Знакамітая мапа ВКЛ Меркатора (гэта тая, дзе каля Слоніма намалявана Сармацкае мора, пра яго пагаворым як-небудзь потым). Возера Y на ёй няма.


1613 год. Першае з'яўленне глыбоцкага Y-возера адбылося на радзівілаўскай мапе ВКЛ (а Сармацкае мора на ёй знікла). Тут бачна ўжо цэлая сістэма азёраў як на мапе 1772 года:


1662 год. Адсюль і далей возера Y пачало скакаць з мапы на мапу:


1665 год. Згодна з гэтай мапай па берагу возера праходзіла мяжа ваяводстваў:


1690 год. Арыентацыя мапы павёрнута на 90 градусаў. Возера Y захавалася на сваім месцы:


1696 год.


1720 год. Сістэма азёраў ва ўсёй красе:


1733 год.


1742 год. А тут неспадзяваначка - возера Y знікла. А каля Глыбокага, як і на мапах XVI стагодзя, месціцца невялікі (адносна возера Y) вадаём:


1745 год. А вось і расійскія картографы падаспелі. На іх мапах возера Y пакуль што прысутнічае:


1750 год. Еўрапейскія мапы таксама паўтараюць абрысы возера каля Глыбокага:


1752 год. Сістэма азёраў на месцы. Хоць апорныя гарады не пазначаныя, але абрысы возера Y пазнавальныя:


1758 год.


1765 год.


1766 год.


1772 год. Мапа Заноні, з якой усё пачалося:


1773 год.


1774 год. Першы падзел Рэчы Паспалітай ужо адбыўся, але еўрапейцы па інэрцыі працягваюць маляваць РП у старых межах.


1781 год.


1794 год. Межы зрушыліся да Вільні, возера Y апынулася на захопленых Расійскай Імперыяй тэрыторыях:


1796 год. Яшчэ адна еўрапейская мапа з возерам Y:


1799 год.


1808 год. Еўрапейскія картографы і ў новым стагоддзі працягваюць маляваць сістэму азёраў пад Глыбокім:


1813 год.


1816 год. І тут бац! Нічога няма, ні возера, ні Глыбокага, ні Плісы, ні Псуі. Усё знішчана тэрмаядравым выбухам.


1821 год. На расійскай мапе новых уладанняў Глыбокае таксама адсутнічае, як і глыбоцкае возера Y. Загадкава усё гэта.


1830 год. Расійскія картографы апомніліся і намалявалі Глыбокае на мапе. Возера Y знікла канчаткова:


1831 год. Хаця не, еўрапейцы працягвалі яго маляваць і надалей:


1850 год.


1865 год. Але апомніліся і яны:


1871 год. На расійскіх мапах ніякіх слядоў возера Y, зотое ўпершыню з'яўляецца возера Шо, правільная форма якога наводзіць на думкі пра кратар ад тэрмаядравага выбуху:


1876 год.


Пачатак ХХ стагодзя. Возера Y яго не перажыла:


1984 год.


2005 год. Ні сляда ад возера Y, толькі падазрона незаселенымі падаюцца мясціны на захад ад Глыбокага.


Глянем, што там пакажа гугл. Вялікая балоцістая цёмная пляма са слядамі "пацёкаў" і з азёрамі па перыметру, хм, а ці не гэта наша возера Y? :)


Калі нанесці яе контуры на мапу 2005 года можна пабачыць такую карціну:


Пералічу некалькі "тэорый" наконт паходжання гэта загадкага возера:

1. Першая і асноўная тэорыя - памылка картографа, якую падхапілі і тыражавалі іншыя картографы. Нейкі пэўны гіпатэтычны першакартограф намаляваў за Глыбоким возера (сам так прыдумаў, ці яму нехта сказаў, што там возера, а правяраць картограф гэты факт не стаў), а затым іншыя картографы (асабліва еўрапейскія), якія малявалі мапы гэтых мясцін не задумваючыся і не правяраючы капіявалі возера Y з мапы першакартографа на свае мапы ажно да сярэдзіны ХІХ стагодзя. Сітуацыю выправілі картографы Расійскай Імперыі, якія складаючы мапы новых тэрыторый, не заўважылі каля Глыбокага ніякага возера Y.

1.1. Гэта вытворная ад першай тэорыі. Першакартограф мог прыняць абшырныя балоцістыя мясцовасці на ўсходзе ад Глыбокага за вялікае возера і так іх і абазначыў на сваёй мапе. Балоты тыя, як бачна, існуюць там і зараз.

2. Другая тэорыя. Возера было! І тыя балоты як раз след ад зніклага возера Y. Яшчэ варыянт, возера Y было сезонным - у пэўныя гады яно напаўнялася вадой, а ў іншыя перасыхала пакідаючы толькі багны. Зрэшты, я не географ і таму гэтая тэорыя прафанская.

3. Крыптагістарычная тэорыя. Пад Глыбокім было не возера, а штучнае вадасховішча з плацінай (адсюль падабенства з Вілейскім вадасховішчам). Плаціну разбамбілі ў пачатку ХІХ стагодзя тэрмаядравай бомбай (кратар на месцы возера Шо). Вада з разбуранага вадасховішча змыла Глыбокае і забіла ўсіх яго насельнікаў. Таму у 1816 і 1821 гадах Глыбокае знікла з мапаў. Жыхары вярнуліся ў горад толькі ў 1830-я, што адзначана на расійскай мапе. Так-та, фантазіраваць на гэтую тэму можна і далей:)

Вось такая гісторыя.
Tags: Глыбокае, гумар, краязнаўства, мапы
Subscribe

Posts from This Journal “Глыбокае” Tag

Buy for 10 tokens
Buy promo for minimal price.
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 55 comments
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →