Уладзімір Садоўскі (yozas_gubka) wrote,
Уладзімір Садоўскі
yozas_gubka

Джэк-вантробшчык Аршанскай акругі



Водгук на кнігу Змітра Дзядзенкі "Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя"

БССР 1920-х гадоў рэдка трапляе на старонкі сучаснай беларускай прозы. З нядаўняга можна прыгадаць бадай што толькі “Захоп Беларусі марсіянамі” Алеся Аркуша, дзе адна з сюжэтных ліній адбываецца ў Полацку 1925 года. Але ж, на маю думку, гэты час варты больш шырокай “навелізацыі”. Нашы 1920-я багатыя як літаратурнай спадчынай (неўміручыя “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя), так і разнастайнымі гістарычнымі акалічнасцямі, праз якія прайшла тады краіна (Савецка-Польская вайна, пабудова савецкай Беларусі, беларусізацыя). Мне, як даследчыку міжваеннай Беларусі, было цікава даведацца, што ў 2017 годзе за гэты перыяд вырашыў узяцца Зміцер Дзядзенка ў сваёй новай кнізе “Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя“. Тэкст выйшаў у электронным варыянце і яго пакуль можна набыць толькі на сайце электроннай кнігарні “Kniharnia.by”.

“Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя” – пачынаецца як дэтэктыў у гістарычным антуражы. У Оршы другой паловы 1920-х гадоў адбываецца забойства, знойдзены труп прастытуткі з перарэзаным горлам, злачынца невядомы. Праз некаторы час знаходзяць яшчэ адну забітую падобным чынам жанчыну, але гэтым разам ахвяра з “эліты” савецкага грамадства – загадчыцца жанадзелу гаркама партыі Валянціна Мачуга. За справу бярэцца АДПУ.

Як аматар “міжваенкі”, я ў першую чаргу хачу сказаць пару словаў пра антураж кнігі. Дзядзенка малюе эпоху з дапамогай даволі простых інструментаў: пераліку разнастайных савецкіх устаноў і арганізацый, цытатавання зацемак з тагачасных часопісаў і ўрыўкаў прац бальшавіцкіх тэарэтыкаў (напрыклад, Калантай), увядзеннем тыповых для эпохі герояў (ветэрана імперыялістычнай вайны, чэкіста і інш.) і апісання агульнавядомых асаблівасцяў быта 1920-х. Месцамі атмасфера перададзена ўдала – гэта ў першую чаргу датычыцца апісання паседжанняў аршанскай філіі “Маладняка”. Але часцей у тэксце паглыблення ў 1920-я не адчуваецца: напрыклад, у кнізе аршанскія міліцыянты апытваюць сведкаў забойства прастытуткі канцэлярнай мовай пратаколаў сучаснай беларускай міліцыі. Не тое каб канцэлярызмы надта змяніліся за стагоддзе, але ж няма ў той сцэне сваёй рызынкі, якая б дакладна адносіла падзеі да гістарычнага кантэксту. Тая сцэна магла б спакойна адбывацца не ў Оршы 1920-х, а ў Мінску 2010-х, розніцы чытач не адчуў бы. Таксама ў кнізе ўжываецца вельмі спрошчаны і схематычны падзел персанажаў на чальцоў оруэлаўскай “унутранай партыі” і оруэлаўскіх жа “пролаў”. Асноўныя дзеючыя асобы аповесці – гэта службоўцы і чальцы кампартыі - паказаныя, як сытыя, добра апранутыя людзі, без побытавых і грашовых праблем, а вакол іх галодныя, дурнаватыя, брудныя сяляне і гарадскія рабацягі ў якасці фона. Здаецца ж, у 1920-я савецкая ўлада яшчэ не надта моцна адасоблівалася ад працоўнага люду, каб быў заўважны такі оруэлаўскі падзел. Многія ўрадоўцы таго часу мелі такія ж побытавыя праблемы як і простыя рабочыя з гарадскіх ускрайкаў. Няма ў кнізе і абяцаных у анатацыі “рытмаў НЭПа”, адна сцэна ў рэстаране з п’яным “нэпманам” для галачкі і ўсё.

Што датычыцца цэнтральнай тэмы кнігі – уласна “сэксуальнай рэвалюцыі”, то і яна раскрыта вельмі спрошчана і нават шаблонна. Напрыклад, рэвалюцыйны злом патрыярхальнай сям’і на прыкладзе пары Валянціны і Канстанціна Мачугаў паказаны вельмі павярхоўна. Муж, які да рэвалюцыі часцяком звяртаўся да рукапрыкладства ў дачыненнях з супругай, пасля здзяйснення гістарычнага матэрыялізму атрымаў адлуп ад жонкі, ўзброенай марксістска-ленінскімі пастулатамі пра новы быт. Тэма прастытуцыі, вельмі характэрнай для БССР 1920-х гадоў праблемы, ўзгадваецца ў кнізе Дзядзенкі даволі ўскосна, толькі на прыкладзе забітай напачатку сюжэта дзяўчыны. Так, у кнізе ёсць шмат пасцельных сцэн, але ж, як і ў выпадку з “рытмамі НЭПа”, усе гэтыя сцэны напісаны нібыта “для галачкі” - каб апраўдаць слова “сэксуальная” у назве твора. Апісанні сэксу ў кнізе механістычныя, пазбаўленыя любоўнай эстэтыкі. У гэтым пункце я не магу абысціся без параўнання з класікай: у тых жа “Запісках Самсона Самасуя”, напісаных у 1920-я, нашмат больш адчуваецца жарсці і сэксуальнага юру (і гэта ня гледзячы на поўную адсутнасць пасцельных сцэн), чым ў “Вялікай пралетарскай сэксуальнай рэвалюцыі” Дзядзенкі.

З сюжэтнага боку кніга таксама пакутуе на некалькі характэрных для сучаснай беларускай прозы сымптомаў: яна надта кароткая (у кнізе змешчана толькі адна аповесць) і ў яе абарваная і скамечаная канцоўка, нібыта аўтар спяшаўся завяршыць тэкст да пэўнага тэрміну. Гэтыя хібы ўласцівы многім маладым беларускім празаікам і аўтар гэтай рэцэнзіі не выключэнне. Усе мы некуды спяшаемся, стараемся хутчэй-хутчэй выдаць сваю кнігу, і за гэтай спешкай губляецца якасць.

Дэтэктыўны складнік сюжэту “Сэксуальнай рэвалюцыі” затухае недзе да сярэдзіны аповесці і не ўяўляе з сябе нечага экстраардынарнага. Цікавая напачатку лінія з Канстанцінам Мачугай, які з-за п’янкі не памятае, ці ні ён забойца сваёй жонкі, губляецца пад наплывам іншых сюжэтных дарожак, на якія Зміцер Дзядзенка спяшаецца выбегчы, пакідаючы недасказанымі старыя. Героі аповесці апісаны скупа і незапамінальна. Часам бывае цяжка адрозніць дзе скончваецца лінія з адным героем і пачынаецца гісторыя іншага, настолькі аднолькавымі яны чытаюцца ў тэксце. За выняткам адной-двух асаблівасцяў усе мужчынскія персанажы выглядаюць блізняткамі. Жаночыя таксама не блішчаць арыгінальнасцю.

“Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя“ – твор з добрай задумкай, цікавым сэтынгам, але не вельмі дасканалай рэалізацыяй. Бачна, што Зміцер Дзядзенка стараўся ахапіць як мага больш акалічнасцяў жыцця ў Савецкай Беларусі ў 1920-я гады і дадаць рызынку ў выглядзе той самай “сэксуальнай рэвалюцыі”, але ў пагоне за ўсеахопнасцю ўціснутай ў занадта малы аб’ём згубілася якасць. Тым не менш, спадзяюся, што Зміцер не кіне сваёй працы на ніве навелізацыі нашай мінуўшчыны пачатку ХХ стагоддзя, а “Сэксуальная рэвалюцыя” стане першым крокам да новых твораў у рэдкім для нашых часоў сэтынгу Беларусі 1920-х гадоў.
Tags: зацемка, кнігі, меркаванне
Subscribe

Posts from This Journal “меркаванне” Tag

Buy for 10 tokens
Buy promo for minimal price.
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 4 comments